ЛЕКЦЫЙНЫ МАТЭРЫЯЛ
Тэма 1. Уводзіны. Асноўныя паняцці і адзінкі даследавання

 

Тэрмін “анамастыка” (ад старажытнагрэчаскага ὀνομαστική ‘мастацтва даваць імёны’) мае два значэнні: па-першае, ім  абазначаецца комплексная навука аб імёнах уласных;  па-другое,  самі імёны ўласныя (у апошнім значэнні ўжываецца таксама тэрмін “анімія”).

Аб’ектам вывучэння анамастыкі з’яўляюцца ўласныя імёны (онімы) – адзінкі мовы-маўлення, якія служаць для падкрэслена канкрэтнага называння асобных прадметаў рэчаіснасці і з прычыны такой спецыялізацыі выпрацавалі некаторыя асаблівасці ў значэнні, граматычным афармленні і функцыянаванні: Георгій Марчук, Каляды, Баранавічы, Свіцязь, крама жаночага трыкатажу “Мужчынскія слёзы.

Дэфініцыі онімаў часта суправаджаюцца пытаннямі аб іх колькасным складзе і прыводзяць даследчыкаў да шырокай трактоўкі кампанентнага складу імёнаў – гэта і слова, і словазлучэнне, і  сказ. Так, у “Рускай граматыцы” 1980 год. адзначана, што “для ўласных найменняў вы-карыстоўваюцца  агульныя назоўнікі або спалучэнні слоў” [55, с. 461]. Паводле А. К. Мацвеева, “імёны, якія вылучаюць прадмет з шэрагу падобных, могуць быць і словам, і словазлучэннем, і  сказам” [42, с. 9].

В. І. Фанякова называе онімы “ўніверсальнай функцыянальна-семантычнай катэгорыяй назоўнікаў”, “асаблівым тыпам слоўных знакаў, прызначаных для выдзялення і ідэнтыфікацыі адзінкавых аб’ектаў (адушаўлёных і неадушаўлёных); знакаў, якія выражаюць адзінкавыя паняцці і агульныя ўяўленні аб гэтых аб’ектах у мове,  маўленні і культуры народа” [74, с. 21].

Адметныя прыкметы ўласнага імя:

1) яно даецца індывідуальнаму аб’екту, а не класу аб’ектаў,  што маюць рысу, характэрную для ўсіх індывідаў, якія ўваходзяць у гэты клас;

2) названы з дапамогай імя ўласнага аб’ект заўсёды дакладна вызначаны, адмежаваны, акрэслены;

3) імя не звязана непасрэдна з паняццем і не мае на  ўзроўні мовы дакладнай і адназначнай канатацыі [63, с. 324].

Асноўныя адрозненні паміж  онімамі і  агульнымі назоўнікамі (апелятывамі) выяўляюцца на ўзроўні: 1) паходжання: вялікая частка  імён уласных утворана ад  апелятываў; 2) функцый: імёны ўласныя  індывідуалізуюць аб’екты рэчаіснасці, а  агульныя назоўнікі класіфікуюць іх; 3) сувязі з рэчаіснасцю: імёны ўласныя сацыяльна і гістарычна абумоўленыя; без сувязі з гісторыяй грамадства немагчыма растлумачыць з’яўленне імён; імя адлюстроўвае традыцыі наймення і з’яўляецца сацыяльнай характарыстыкай чалавека.

Асноўнае адрозненне імён уласных ад агульных  бачыцца ў асаблівай семантыцы онімаў. Шэраг навукоўцаў лічыць, што  імёны ўласныя не ўтрымліваюць паняцця і, адпаведна, не маюць лексічнага значэння (А. А. Рэфармацкі, В. С. Ахманова, Е. М. Галкіна-Федарук і інш.). Імёны ўласныя звязаны з паняццем апасродкавана, праз  суаднесенасць з прадметам, тады як у агульных назоўнікаў, наадварот, сувязь з прадметам ажыццяўляецца праз паняцце. Іншыя навукоўцы (А. А. Патабня, Ф. І. Буслаеў, Л. В. Шчэрба і інш.) разумеюць пад лексічным значэннем  імені ўласнага такое, якое з’яўляецца ў маўленчай сітуацыі, у кантэксце. А. А. Рэфармацкі, Г. В. Вінакур і інш. называюць семантыкай  імён уласных іх  анталагічную сутнасць: антрапонімы – імёны чалавека, тапонімы – геаграфічныя назвы і г. д. В. Д. Бандалетаў, насупраць, выяўляе ў сутнаснай прыродзе оніма тры тыпы адносін: 1) дэнататыўныя  (адносіны значэння слова да прадмета); 2) сігніфікатыўныя (адносіны да паняцця); 3) структурныя (адносіны значэння слова, а таксама ўсяго слова да іншых слоў дадзенай мовы) [12, с. 24].

А. В. Супяранскай прапануецца прадметна-намінатыўная класіфі-кацыя ўласных імён, у якой утрымліваецца абазначэнне класаў названых аб’ектаў і адпаведныя ім анамастычныя разрады: людзі – антрапонімы, геаграфічныя аб’екты – тапонімы, расліны – фітонімы і г. д. Аналізуючы анамастычную прастору ў цэлым, А. В. Супяранская вылучае [63, с. 144–145]: 1) рэальна існуючыя аб’екты; 2) аб’екты,  народжаныя фантазіяй людзей, або імёны выдуманых прадметаў; 3) аб’екты, існаванне якіх мяркуецца, але яшчэ не даказана; 4) аб’екты, народжаныя ўяўленнем творцы. Кожная з гэтых груп падзяляецца на некалькі разрадаў. Так, да рэальна існуючых аб’ектаў адносяцца: антрапонімы – абазначэнні людзей у сувязі з іх рознымі характарыстыкамі: Зінаіда Іосіфаўна Дудзюк, Радзівіліха, Ганна Аршыцазаонімы – найменні жывёл: конь Мадагаскар, начніца Нюняанэмонімы – уласныя імёны вятроў, сезонаў, стыхійных бедстваў, напр.: ураганы Алекс, Аліса, Гілберткасмонімы – назвы галактык, зорных скапленняў, сузор’яў: Мілавіца, сузор’е Валасажары; хранонімы  – агульнапрынятыя абазначэнні часу, а таксама, па версіі Н. У. Падольскай, уласныя імёны асобных свят, мерапрыемстваў  [52, с. 162]), напр.: Вялікі пост, Радаўніца, гастрафэст “Мотальскія прысмакі”; эргонімы – уласныя імёны комплексных аб’ектаў: назвы ўстаноў, прадпрыемстваў, таварыстваў, у тым ліку транспартных сродкаў, напр.: турагенцтва “Находка”, салон прыгажосці “Эго”, рэстаран “Малка”, кінатэатр “Адрыя”, гасцініца “Морское око”;  дакументонімы  – агульныя абазначэнні дакументаў і іх відаў, напр.: Метрыка Вялікага Княства Літоўскага, “Устава на валокі” і інш. [63, с. 144–145].

Важным у класіфікацыі А. В. Супяранскай з’яўляецца той факт, што кожны з разрадаў дапускае далейшую спецыфікацыю. Так, тапонімы (агульнапрынятыя абазначэнні формаў рэльефу, водных аб’ектаў, пасе-лішчаў) могуць падзяляцца на разнавіднасці паводле тыпу названага прадмета, аб’екта: аронімы – уласныя імёны гор і іншых узвышшаў: Балканы, Кара-даг; гідронімы – назвы ўсіх водных аб’ектаў: рака Заходні Буг, возера Белае; айконімы – назвы населеных пунктаў: Асіповічы, Калауравічы, Гальцы; урбанонімы – назвы ўнутрыгарадскіх аб’ектаў, напрыклад назвы вуліц г. Брэста 1921–1939 гг: Дамброўскага, Баторыя, Траўгута, Крашэўскага, Сянкевіча; спелеонімы – назвы пячор, гротаў і цэлых падземных сістэм, напр.: пячора  Альтаміра, Бута Гухалу, Барабар; дрымонімы – назвы лясных масіваў: Чорны лес;  пелагонімы – назвы мораў, напр.: Чорнае мора, Чырвонае мора; лімнонімы  – назвы азёр, напр.: Лосьвіца, Снуды, Недрава, Поцех; гелонімы – назвы балот, напр.: Узляны-Малiннiкi, Соснiца-Дражбiтка; патамонімы – назвы рэк, напр.:  Сож, Бярэзіна, Пціч, Шчара; асціёнімы – назвы гарадоў, напр.: Жабінка, Маларыта, Ружаны, Баранавічы; харыёнімы – назвы сельскіх паселішчаў, напр.: Паросцы, Лемяшэвічы, Чорнава, Храсцібалавічы, Барычавічы, Вуйвічыхаронімы – назвы вялікіх абласцей, геаграфічных, эканамічных, гістарычных, напр.: Нальшаны (гістарычная вобласць на паўночна-заходняй ускраіне Беларусі), Дайнова (гістарычная вобласць на тэрыторыі Літвы і паўночным захадзе Беларусі), Вялікае Княства Літоўскае, Галіцка-Валынскае княства [63, с. 144–145].

Асаблівае становішча імён уласных у мове, іх цесная сувязь з названымі аб’ектамі, а праз іх з чляненнем чалавекам навакольнага свету – усё гэта здаўна прыцягвала да сябе ўвагу  філосафаў і логікаў. Ад антычных тэорый праз сярэднявечную тэалогію да вучэнняў новых часоў прасочваюцца такія катэгорыі, як nomina propria і nomina appellativa. З імёнамі Арыстоцеля, Гобса, Лейбніца звязана развіццё тых катэгорый і адносін, з дапамогай якіх  класіфікуюцца з’явы рэчаіснасці. Да Гобса і Лейбніца ўзыходзяць сучасныя асновы класіфікацыі ўласных імён. На працы Гобса і Лейбніца, якія і сфармулявалі тэорыю знакаў, абапіраўся логік Д. С. Міл, канцэпцыя якога ў той ці іншай ступені паўплывала на ўсе пазнейшыя лінгвістычныя тэорыі імя ўласнага [63, с. 328–329].

Заснавальнікам анамастыкі лічыцца нямецкі вучоны В. Гумбальд (1767–1835 гг.), а заснавальнікам славянскай анамастыкі – вядомы чэшскі славіст Франц Міклошыч, які ў 1860–1874 гг. апублікаваў важныя даследаванні славянскіх геаграфічных назваў.

Пачатак лінгвістычнага даследавання беларускай анамастыкі адносіцца да 90-х  гг. ХІХ ст. Найбольш значныя працы гэтага перыяду: Ю. Ю. Трусман “Этимология местных названий Витебской губернии” і А. А. Качубінскі “Территория доисторической Литвы”. У 20-х гг. ХХ ст. пачалася работа па наладжванні арганізаванага збору анамастычнага матэрыялу. Прыкметнай працай гэтага перыяду з’яўляецца артыкул Я. Тараноўскага “Да пытання аб паходжанні назваў вёсак, мястэчак, гарадоў Беларусі”. У гэты час з’явіўся артыкул Г. А. Ільінскага “Яшчэ раз аб паходжанні назвы ракі Дзвіны”.

Ажыўленне ў вывучэнні беларускай анамастыкі наступае ўжо ў пасляваенны перыяд.

Сучасную беларускую анамастычную школу заснаваў доктар філалагічных навук акадэмік М. В. Бірыла, аўтар фундаментальнай трохтомнай працы “Беларуская антрапанімія” і шэрагу прац па беларускай тапаніміцы. Актыўна працавалі і працуюць у галіне анамастыкі такія беларускія вучоныя, як Я. М. Адамовіч, Э. К. Бірыла, Л. М. Грыгор’ева, В. П. Лемцюгова, Г. М. Мезенка, Г. М. Прышчэпчык, А. К. Усціновіч, В. В. Шур, І. Я. Яшкін.

У цяперашні час анамастыка цалкам склалася як самастойная лінгвістычная дысцыпліна. Яна мае ясна акрэсленае  кола праблем, метады анамастычных даследаванняў працягваюць удасканальвацца. Акрамя збору,  запісу і сістэматызацыі анамастычных матэрыялаў, у задачы  анамастаў уваходзяць структурныя і тыпалагічныя даследаванні імён, рэканструкцыі больш старажытнага стану анамастычных сістэм, аналіз механізмаў іх пераўтварэння і многае іншае. Усё гэта выводзіць анамастыку далёка за рамкі “дапаможнай” і  ператварае ў самастойную лінгвістычную дысцыпліну [67, с. 12].

Пераважае вывучэнне анамастычнага матэрыялу  лінгвістычнымі метадамі: устанаўленне моўнай прыналежнасці імён, выяўленне фанетычных і фанематычных заканамернасцей, марфаналагічных чаргаванняў, структурных тыпаў і т. д. Важнае значэнне мае тэксталагічны аналіз пісьмовых помнікаў,  аднясенне іх да пэўнай эпохі і дыялекту, вызначэнне моўных уплываў, пад якія падпадае аўтар.

 Аднак, калі б анамастыка абмяжоўвалася толькі  лінгвістычным кампанентам, не было б падставы вылучаць яе ў  асобную дысцыпліну. Спецыфіка  вывучаемага прадмета  заключаецца ў тым, што, лінгвістычны ў сваёй аснове, ён уключае таксама этнаграфічны, гістарычны, геаграфічны, сацыялагічны, літаратуразнаўчы кампаненты, якія да-памагаюць лінгвісту вылучаць спецыфіку названых аб’ектаў і традыцыі, звязаныя з іх іменаваннем. Акрамя таго, у анамастычных даследаваннях выкарыстоўваюцца дадзеныя археалогіі, гісторыі матэрыяльнай і духоўнай культуры, біялогіі, тэалогіі, філасофіі, логікі, псіхалогіі і г. д. Усё гэта выводзіць анамастычную праблематыку за  межы адной толькі лінгвістыкі і надае самастойнасць комплексу яе складнікаў.

Падчас экстралінгвістычнага аналізу анамастычнага матэрыялу вы-вучаюць гісторыю ўзнікнення аб’ектаў, змяненне іх назваў, перанясенне назваў вядомых аб’ектаў на іншыя, храналогію геаграфічных адкрыццяў і перамяшчэння плямёнаў і народаў і г. д. [67, с. 13].

Спосаб наймення, вобраз, пакладзены ў аснову імені, вельмі індывідуальныя ў кожнага народа. Імёны (і асабліва мянушкі) у жывой гутарковай мове цесна звязаны з рэаліямі, традыцыямі, рэлігіяй,  светапоглядам і г. д., уласцівымі  пэўнаму этнасу, а ўсё гэта якраз і складае вобласць інтарэсаў этнаграфіі як адной з гістарычных навук.

Рашэнне сур’ёзнага гісторыка-этнаграфічнага пытання  пра народы, якія зніклі з гістарычнай арэны або перасяліліся ў іншыя, аддаленыя рэгіёны, звязана з анамастыкай. Анамастычныя дадзеныя дапамагаюць этнографу ўстанавіць межы мінулага рассялення этнічнай супольнасці, датаваць помнікі  матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Вялікую цікавасць уяўляюць археалагічныя знаходкі, якія ўтрымліваюць фрагменты старажытнага  пісьменства. Пры гэтым асабліва часта ў выяўленых археолагамі тэкстах  сустракаюцца ўласныя імёны. Рэшткі старажытных анамастычных сістэм захоўваюць рысы зніклых моў і робяць магчымай хоць бы частковую рэканструкцыю іх. Дзякуючы ўласным імёнам былі прачытаны егіпецкія іерогліфы і вавілонская клінапіс, помнікі хецкай мовы, мовы мая і інш. [67, с. 14].

Летапісы, булы, пісцовыя кнігі і да т. п., якія служаць важнымі дакументамі для вывучэння старажытнай і новай гісторыі, аказваюцца ў той жа час невычэрпнымі крыніцамі для анамастычных даследаванняў [67, с. 14].

Анамастыка звязана з сацыялогіяй. “Выконваючы шэраг сацыяльных функцый, імя жыве і развіваецца па законах мовы, хоць прычыны, якія стымулююць развіццё  анамастычных сістэм, па сваім паходжанні сацыяльныя, г. зн. ляжаць па-за сферай дзеяння лінгвістыкі” [63, с. 26]. Нават форма імя – структурны кампанент анамастыкі – часта абумоўліваецца сацыяльнымі фактарамі. Гэта найбольш ярка можа быць паказана на матэрыяле назваў устаноў і назваў вуліц, своеасаблівых для кожнай эпохі.

Сувязь анамастыкі і геаграфіі незвычайна цесная. Спецыяльнае філалагічнае даследаванне геаграфічнай наменклатуры дапамагае геаграфіі, спрыяючы высвятленню этымалогіі назваў, дапамагаючы выпрацаваць аптымальныя правілы арфаграфіі ўласных імён і даючы каштоўныя звесткі для гісторыі геаграфічных ведаў. У ХХ ст. у многіх краінах былі ўтвораны спецыяльныя бюро па транскрыпцыі геаграфічных назваў. Праблемам транскрыпцыі быў прысвечаны Міжнародны кангрэс  анамастычных навук (Сафія, 1972) [67, с. 16].

Важна падкрэсліць, што большасць даследчыкаў адзначаюць адлюстраванне ў семантычным патэнцыяле імёнаў уласных асаблівасцяў культуры, яе нацыянальнай адметнасці. На першы план выходзіць праблема ўзаемадзеяння культуры з  імем, якое функцыянуе ў ёй. Онімы могуць адлюстроўваць асаблівасці культуры таго ці іншага этнасу, пры гэтым культурна-гістарычны патэнцыял у адных імёнах выяўляецца ярчэй, у іншых менш інтэнсіўна, але няма ні аднаго імя ўласнага, якое не было б звязана так ці інакш з культурай народа, які яго стварыў або ўжывае [47].

Сукупнасць уласных імёнаў складае анамастыкон, ці анамастычную (анімічную) прастору, пэўнай мовы. Тэрмін “анамастыкон” ужываецца даўно і носіць інтэрнацыянальны характар. У “Слоўніку рускай анамастычнай тэрміналогіі” Н. У. Падольскай названы тэрмін выкарыстоўваецца ў двух значэннях: 1) анамастыкон – гэта слоўнік ці спіс любых уласных імёнаў, складзеных звычайна асобна для розных катэгорый онімаў, у прыватнасці,  антрапанімікон, тапанімікон, з лінгвістычнымі і  экстралінгвістычнымі тлумачэннямі; 2) анамастыкон – рэпертуар уласных імён дадзенага этнасу, дадзенага соцыуму, для дадзенага перыяду  [52, с. 98].

У другім значэнні тэрмін  “анамастыкон” супадае з паняццем “аніміі”. Пад аніміяй разумеецца сукупнасць  онімаў [52, с. 95]. Тэн-дэнцыяй апошняга часу стаў разгляд імя ўласнага як згорнутага нацыянальна-культурнага тэксту, што дазваляе кваліфікаваць  анамастыкон як “...аксіялагічную шкалу, міфалагізацыю, гераізацыю, ідэалізацыю, канцэптуальныя ўстаноўкі суб’екта, у канчатковым рахунку, духоўны стыль эпохі” [25, с. 56]. 

Погляды людзей, якія ствараюць імёны, на чалавека і навакольны свет становяцца асновай для фарміравання  своеасаблівай карціны свету. В. І. Карасік, звяртаючыся да праблемаў лінгвакультуралогіі, пісаў, што “карціна свету ўяўляе сабой складаную сістэму вобразаў, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць у свядомасці чалавека” [28, с. 88]. Адметныя прыметы сацыяльнага, духоўнага і матэрыяльнага жыцця людзей знаходзяць складанае адлюстраванне ва ўласных імёнах. Семантычныя прыметы, зафіксаваныя ў онімах, якія адлюстроўваюць асаблівасці іх паходжання і бытавання, ствараюць высокую ступень інфарматыўнасці іменаслову. Паколькі ў онімах заключана разнастайная інфармацыя, яны могуць быць крыніцай для мадэлявання карціны свету і апісання яе рэгіянальных асаблівасцяў. “Нацыянальныя традыцыі і фальклор, рэлігія і сацыяльная ідэалогія, мадэлі выхавання і жыццёвага вопыту, сістэма каштоўнасцяў, спецыфіка сацыяльнай сферы і ладу жыцця, вобразаў мастацтва  – усё гэта захоўвае ў сабе анамастыкон, і карэктна счытаць гэтую інфармацыю – наша задача” [24, с. 84].